Паездка ў Халопенічы на радзіму Адама Багдановіча

8 красавіка 2022 года дэлегацыя супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры выправілася ў вандроўку ў Халопенічы Крупскага раёна на радзіму Адама Ягоравіча Багдановіча, этнографа, педагога, мемуарыста, бацькі класіка беларускай літаратуры. У Крупках нас гасцінна сустрэла Тамара Бальбот, дырэктар Крупскага раённага краязнаўчага музея, правяла экскурсію па музеі.

Далейшы шлях пралягаў у Халопенічы, зараз гэта гарадскі пасёлак, а раней мястэчка, дзе жылі продкі Максіма Багдановіча па лініі бацькі і дзе нарадзіўся Адам Багдановіч. Жыхары Халопенічаў шануюць памяць пра свайго славутага земляка і яго сына, геніяльнага паэта, у цэнтры пасёлка ўсталяваны помнік А.Я.Багдановічу, ёсць вуліца Багдановіча, імя Максіма Багдановіча носіць мясцовая школа.

Яе вучні сустрэлі гасцей са сталіцы паэтычна-музычнай праграмай, пазнаёмілі са школьным музеем, частка яго экспазіцыі прысвечана Максіму і Адаму Багдановічам. Пад час імпрэзы мы прэзентавалі вучням 9-11-х класаў Літаратурны музей Максіма Багдановіча, акцэнтавалі ўвагу на навуковых даследаваннях, звязаных з радаводам Багдановічаў, распавялі колькі цікавых фактаў пра Адама Ягоравіча, правялі віктарыну і ўручылі каштоўныя падарункі – музейныя выданні і сувеніры.

Далей нас чакала невялічкая вандроўка па Халопенічах, настаўніца Наталля Кулагіна распавяла пра даследаванні, якія вядуць яе вучні, паказала месца, дзе калісьці стаяла хата бабулі Рузалі (Рузалі Казіміраўны Осьмак).

Дамовіліся, што будзем сустракацца і далей, разам ладзіць выставы і мерапрыемствы, весці даследчую работу і проста сябраваць.

712