Імпрэза «Вернікоўскія. Лёс сям'і ў гісторыі краіны»

15 мая 2022 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла імпрэза “Вернікоўскія. Лёс сям’і ў гісторыі краіны”. Мерапрыемства адбывалася ў межах рэспубліканскай акцыі і прымеркавана да Міжнароднага дня сем’яў, што традыцыйна адзначаецца ва ўсім свеце ў маі.

Ідэя імпрэзы ўзнікла невыпадкова, галоўным госцем стала Алена Валер’еўна Кароўчанка, вядомая спецыялістка ў галіне генеалогіі. Прычым ведаюць даследчыцу архіўных фондаў і ў Беларусі, і далёка за яе межамі. Яна актыўна дапамагае супрацоўнікам музея ў пошуку інфармацыі пра продкаў Максіма Багдановіча, яго родных, знаёмых, сяброў. Дзякуючы ёй, радаводнае дрэва беларускага генія набыло шмат новых галінак, удакладнены даты нараджэння ці смерці многіх прадстаўнікоў роду Багдановічаў, Мякотаў, Малевічаў.

Ужо шмат гадоў Алена Кароўчанка вядзе пошукі інфармацыі пра свой род, у тым ліку і пра Вернікоўскіх. За гэты час ёй удалося адшукаць больш за тры з паловай тысячы асоб з прозвішчам Вернікоўскі/Вернікоўская, размясціць іх на уласным радаводным дрэве, знайсці цікавыя факты да іх біяграфіі, дакументы і фотаздымкі. Алена Валер’еўна ў цікавай і даступнай форме пазнаёміла ўдзельнікаў імпрэзы са сваім пакручастым шляхам пошукаў продкаў, прэзентавала некаторыя каштоўныя матэрыялы.

Супрацоўнікі музея ведалі, а для гасцей зусім нечаканай аказалася інфармацыя ад даследчыцы, што Вернікоўскія прысутнічаюць на радаводным дрэве Максіма Багдановіча, яны – родзічы па лініі дзеда пісьменніка Апанаса Іванавіча Мякоты. Напрыканцы вечарыны адбыўся абмен думкамі і ўражаннямі ўдзельнікаў, многія з іх таксама, як і Алена Валер’еўна, займаюцца складаннем сваіх радаводаў. Некаторыя практычныя парады навуковыя супрацоўнікі музея выкарыстаюць у сваёй далейшай пошукавай працы.

Мы выказваем шчырыя словы ўдзячнасці даследчыцы Алене Кароўчанка за тое, што падзялілася сваімі ведамі і распавяла колькі цікавых гісторый пра прадстаўнікоў роду Вернікоўскіх, дзякуем за каштоўны падарунак – кнігу “Ігуменская шляхта ў Сібіры”. Спадзяемся на будучыя сустрэчы і сумесныя пошукі. Упэўнены, што нас чакае яшчэ шмат адкрыццяў у гэтай важнай справе…

670