Падарунак да 160-годдзя Адама Багдановіча

Сёлета мы святкуем 160-годдзе з дня нараджэння Адама Ягоравіча Багдановіча і, дзякуючы нашым сябрам, можам па праву сказаць, што гэтае святкаванне адбываецца ва ўсім свеце.

Вясной 2022 года ў Белградзе выйшла кніга “Остаци древног погледа на свет код белоруса” (“Пережитки древнего миросозерцания у белорусов”) у перакладзе на сербскую Даяны Лазаравіч. Даяна ўжо не першы год працуе на ніве папулярызацыі творчасці сям’і Багдановічаў у Сербіі. Так, у 2017 годзе выйшаў зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Венец” (“Вянок”), а ў 2019 –  апавяданне маці Марыі Апанасаўны “Уочи Божића” (“Накануне Рождества”).

Цяпер сербскія чытачы маюць магчымасць пазнаёміцца на сваёй мове з беларускай фальклорнай спадчынай, даведацца шмат цікавага пра беларускае светабачанне і міфалагічныя сюжэты, занатаваныя Адамам Багдановічам. Віншуем перакладчыцу і ўсіх нас з новай кнігай! Спадзяемся, яна паслужыць яшчэ адным мастком паміж нашымі культурамі.

663