Сустрэча з унучатай пляменніцай Максіма Багдановіча

#патомкіМаксіма #нашчадкіМаксіма

Як вядома, у Максіма Багдановіча не было дзяцей, адпаведна, няма прамых нашчадкаў, унукаў, праўнукаў. Але радаводнае дрэва Багдановічаў працягвае квітнець, сваякі, хаця і маюць іншыя прозвішчы. Яны жывуць у розных гарадах і краінах, але застаюцца на сувязі з музеем паэта.

Супрацоўнікі музея ганарацца тым, што ўдалося аднавіць страчаныя сувязі са сваякамі Максіма Багдановіча, і па лініі бацькі Адама Ягоравіча, і па лініі маці Марыі Апанасаўны. Мы перапісваемся, наведваем адзін аднаго, разам праводзім генеалагічныя пошукі, сваякі перадаюць у фонды музея сямейныя рэліквіі – прадметы, фотаздымкі, лісты, якія становяцца каштоўнымі музейнымі экспанатамі.

Нядаўна ў музей завітала Вольга Савельева – стрыечная ўнучатая пляменніца Максіма Багдановіча. Яна – унучка Марыі Багдановіч (Галаван), любімай цётачкі паэта, што выхоўвала яго пасля смерці маці. Вольга Яўгенаўна наведала экспазіцыю, дзе ўбачыла дакументы і фотаздымкі сваіх продкаў, пазнаёмілася з жыццём Максіма.

Супрацоўнікі музея падарылі Вользе Яўгенаўне выданні “Архіўныя матэрыялы да жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Сшытак 3” і “Сшытак 4”, у якіх ёсць лісты яе родных альбо са згадкамі пра іх. У сваю чаргу, Вольга Яўгенаўна паабяцала заняцца ўпарадкаваннем сямейнага фотаархіва, з магчымай перадачай каштоўных фотаздымкаў у фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Застаемся на сувязі!

664