Канферэнцыя, а.г. Сёмкава

#багдановічазнаўства #Сёмкава #Сёмкаў_Гарадок

22 чэрвеня 2022 года супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча прынялі ўдзел у Краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 250-годдзю закладкі сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава і 100-годдзя прыезду Якуба Коласа ў Сёмкава. Мышкавец Ірына Вітальеўна, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела, выступіла з паведамленнем “Сёмкаў Гарадок у лёсе Багдановічаў: падзеі і асобы”. 

Сёмкаў Гарадок (раней – Хмарын Гарадок)  знаходзіцца непадалёк ад Сёмкава, у мясцовай царкве 30 кастрычніка 1888 года вянчаліся Адам і Марыя Багдановічы. У 1889 годзе ў Хмарына-Гарадзецкай царкве хрысцілі стрыечную сястру Максіма – Веру Гапановіч. Яшчэ праз год, у 1890 годзе, хрысцілі яе роднага брата – Пятра. 

У кола сяброў Багдановічаў, у мінскі перыяд жыцця сям’і, уваходзілі святар Хмарына-Гарадзецкай царквы Іаан (Іван) Пашкевіч, сёстры Адама – Паўліна і Магдаліна, Іван Гапановіч, муж Магдаліны, Алена Схабіцкая (па першым мужу Адамовіч, па другім Падольская), яе муж Іван Падольскі і іншыя асобы.

Супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча будуць працягваць пошукі інфармацыі пра мінскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў.

Фотаздымак – Мікалай Міцюшын.

135