Падарунак для музея

#род_Багдановічаў #радаводнае_дрэва_Максіма

Вядома, што ў Максіма Багдановіча не было дзяцей, адпаведна, няма ў яго прамых нашчадкаў – унукаў, праўнукаў і г.д. Але жывуць на гэтым свеце прадстаўнікі роду Багдановічаў, па лініі бацькі Адама Ягоравіча, і Мякотаў, па лініі маці.

Супрацоўнікі музея Максіма падтрымліваюць цесныя кантакты з родзічамі паэта, сустракаюцца і перапісваюцца, вядуць сумесныя пошукі артэфактаў і інфармацыі, звязанай з гісторыяй роду. Прадстаўнікі сям’і з’яўляюцца фондаўтваральнікамі – перадаюць у музей каштоўныя матэрыялы.

Нашчадкі Максіма Багдановіча (мы можам іх так называць) часам робяць невялікія падарункі ў выглядзе электронных копій фотаздымкаў з сямейных архіваў. Як, напрыклад, вось гэты здымак, копію якога даслала ўнучатая пляменніца Максіма Багдановіча – Наталія Сарока (Краснадар). Наталія Уладзіміраўна – унучка Ганны Гразновай (Валасовіч), стрыечнай сястры М.Багдановіча.

На здымку родныя яе і Максіма (злева направа): дзядзька паэта Кіпрыян Іванавіч Валасовіч, цётка Ганна Апанасаўна Валасовіч (Мякота), стрыечная пляменніца Танечка Гразнова і яе бацькі – Пётр Ільіч Гразноў і Ганна Кіпрыянаўна Гразнова (Валасовіч). Здымак зроблены на пачатку 1930-х гг.

Трое з асобаў на здымку ведалі Максіма Багдановіча, былі з ім побач у розныя часы, Ганна Кіпрыянаўна напісала ўспаміны (не толькі пра Максіма, але і пра яго родных па лініі маці), захоўвала “Вянок” М.Багдановіча, наведвала Беларусь, сябравала з беларускімі пісьменнікамі.

Супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча выказваюць шчырыя словы ўдзячнасці Наталіі Уладзіміраўне Сарока за такое прывітанне ад сям’і і спадзяюцца, што яшчэ шмат цікавых фотаздымкаў і артэфактаў нам удасца знайсці разам. Бо мы – СЯМ’Я МАКСІМА…

Тэкст – І.Мышкавец

629