«Мой любы, любы Мінск»

3 ліпеня 2022 года ў межах святкавання Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча арганізавалі і правялі пазнавальна-забаўляльную праграму “Мой любы, любы Мінск”.

У наведвальнікаў імпрэзы з’явілася магчымасць пабываць на экспрэс-экскурсіі “Два Мінска Максіма Багдановіча”. Будучы геній беларускай літаратуры нарадзіўся тут, у губернскім горадзе, у 1891 годзе, але вельмі хутка з’ехаў. Другі раз Максім прыехаў у Мінск праз 24 гады, зразумела, што горад дзяцінства значна змяніўся.

Падчас імпрэзы госці музея таксама змаглі пазнаёміцца з рарытэтнымі паштоўкамі з фондаў музея, паўдзельнічаць у віктарыне, прысвечанай Мінску, атрымаць сувеніры за правільныя адказы. Была, так бы мовіць, і “практычная” частка – наведвальнікі рабілі сваімі рукамі паштоўку “Прывітанне з Мінска”. Вельмі прыемна было ўбачыць на імпрэзе сталых сяброў музея і новых наведвальнікаў, якія ўпершыню завіталі да нас у госці, але, спадзяемся, стануць нашымі сябрамі.

Шчырыя словы ўдзячнасці сяброўцы музея Таццяне Мікалаеўне Дылько, за падарункі для фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, пра іх мы раскажам крыху пазней. Мы ўдзячны ёй і за магчымасць пазнаёміцца з рарытэтамі з сямейнага архіва.

Старыя паштоўкі Мінска – нібы віртуальнае падарожжа па гісторыі, магчымасць убачыць, якім быў горад Максіма сто гадоў таму, і паспрабаваць адшукаць памятныя мясціны, звязаныя з ім, у Мінску ХХІ стагоддзя.

664