Падарункі для музея

Па крупінках супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча збіраюць памяткі пра жыццё і творчасць паэта, яго родных і сяброў. Важным лічым збор матэрыялаў, прысвечаных ушанаванню памяці пра нашага беларускага генія, –  кніг, часопісных і газетных публікацый. Вельмі прыемна, што ў зборы артэфактаў актыўна дапамагаюць сябры музея.

3 ліпеня 2022 года, менавіта ў святочны дзень, музей атрымаў каштоўныя падарункі ад Таццяны Мікалаеўны Дылько (дарэчы яе дзядуля і прадзядуля былі знаёмыя з Адамам Багдановічам). Яна перадала ў фонды музея паштоўку “Беларускі паэт Максім Багдановіч. 1891–1917”, выдадзеную адмыслова да дня нараджэння паэта (афармленне – Яўгенія Галубятнікава). Цікава, што надрукавана паштоўка ў Маскве, яшчэ ў СССР (11.04.1991), вялікім накладам – 100 тыс. экзэмпляраў. У той знакавы год, калі святкавалася 100-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, менавіта ў дзень адкрыцця музея – 8 снежня 1991 года – Беларусь стала незалежнай краінай.

Другі падарунак ад Таццяны Дылько – часопіс “Работніца і сялянка”, № 12, 1991 год, у якім змешчаны партрэт Максіма Багдановіча і яго вершы, а таксама некалькі публікацый, прысвечаных пісьменніку. Пачынаецца часопіс артыкулам Раісы Баравіковай “Зорка Максіма”. На с. 6-7 у рубрыцы “Старое. Новае. Вечнае” – публікацыя А.Бржазоўскага “Зноў з ціхай радасцю…”, прысвечаная Ракуцёўшчыне. У матэрыяле шэраг цікавых фактаў – яшчэ стаіць (зараз яго ўжо няма) стары драўляны вакзал на станцыі Уша, які памятаў Максіма, у сённяшнім музейным будынку “Доме гаспадара” пакуль жывуць Грышалі, “Дамок арандатара” ўжо адноўлены.

На с.10-11 часопіса апублікаваны фрагмент з кнігі Я. Міклашэўскага “Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча”, прысвечаны паездцы Багдановічаў у в. Вяззе. Завяршае шэраг часопісных публікацый, звязаных з імем Максіма Багдановіча, матэрыял М. Карпенкі “Ружа белая, ружа чырвоная”, прысвечаны яе падарожжу ў Ялту.

Звяртаемся да вас, нашыя любыя сябры, магчыма ў вас дома захоўваюцца старыя часопісы, кнігі, газеты, дзе ёсць публікацыі пра Максіма Багдановіча, і вы хацелі б перадаць іх у фонды.

619