Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Валожыншчына. Мой край – мае вытокі”


З 2 красавіка па 5 мая 2020 г. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае наведаць часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Валожыншчына. Мой край – мае вытокі” (праз фотааб’ектыў Бенедыкта Тышкевіча і творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Старога Уласа, Ядвігіна Ш., Канстанцыі Буйло, Пятра Бітэля).

Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Валожыншчына. Мой край – мае вытокі” будзе экспанавацца ў межах праекта “Рэгіёны” сумесна з ДУ “Валожынскі краязнаўчы музей” і ДУ “Івянецкі музей традыцыйнай культуры”.

Бенедыкт Генрык Тышкевіч (1852 - 1935) — прадстаўнік шляхецкага роду Тышкевічаў, герба “Ляліва”. Адзін з піянераў мастацкай фатаграфіі Беларусі і Літвы.

Захапляцца фатаграфіяй пачаў падчас шматлікіх круізаў і падарожжаў, адкуль прывозіў здымкі экзатычных мясцін, партрэты людзей.

У сваім маёнтку Вялае (сённяшнi Валожынскi раён) ён збудаваў адну з першых у Беларусі фоталабараторый. Яна складалася з адмысловага павільёну з вялізнымі вокнамі (тагачаснае фатаграфаванне вымагала шмат святла) i лабараторыі для друкавання здымкаў. Граф захапляўся простымi людзьмi, што атачалi яго, вопраткай беларусаў, рысамi твару, постацямi, характарамi, прадметамi побыту. Любіў здымаць пейзажы, ствараў пастановачныя замалёўкі і сцэны з жыцця паляўнічых і сялян.

У работах Бенедыкта Тышкевіча захаваны вобразы эпохі — сяляне і рамеснікі, бытавыя сцэнкі, інтэр'еры вясковых хат і карчмы, стыльных салонаў і будуараў, а таксама партрэты сучаснікаў.

У здымках Тышкевіча выявіўся адначасова і мадэрнізм, і рамантызм творцы. Ён адчуваў адказнасць перад кожным адбiткам — сярод iх няма выпадковых.

На экспазіцыі прадстаўлены: фатаграфіі Бенедыкта Генрыка Тышкевіча, фотаапараты першай паловы ХХ ст., фотапартрэты пісьменнікаў ХІХ-ХХ стст., якія звязаныя з Валожынскай зямлёй – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Старога Уласа, Ядвігіна Ш., Канстанцыі Буйло, Пятра Бітэля; арыгінальныя выданні твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча – “Сялянка” 1846 г., “Гапон” 1855 г., археалагічныя знаходкі з в.Люцынка, даследчыя працы Язэпа Янушкевіча, Дзмітрыя Дразда і інш., рукапісы перакладаў Пятра Бітэля, а таксама рэдкія выданні “Tyszkiewiciana: Militaria, bibliografia, ryciny, zbiory, rezydencye ets.” 1903 г. і “Матеріалы по исторіи и географіи Дисненскаго и Вилейскаго уъздовъ Виленской губерніи” 1896 г. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.

Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 5 мая 2020 г.

Месца: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(вул. М. Багдановіча, 13)
Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21, 335-44-47.

172