Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Залатая раніца беларускага адраджэння”


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-дакументальную экспазіцыю “Залатая раніца беларускага адраджэння”, якая дзейнічае ў рамках супрацоўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, часопісам “Маладосць”.

1920–я гг. ХХ ст. — “залатое дзесяцігоддзе” — адзін з самых плённых перыядаў у развіцці нацыянальных літаратур былога Савецкага Саюза. Часам гэты перыяд называюць расстраляным адраджэннем (ва ўкраінскім літаратуразнаўстве), расстралянай літаратурай (у беларускім). У літаратуру прыйшлі маладыя паэты, чыя творчая і грамадзянская свядомасць фарміравалася на скрыжаванні дзвюх галоўных ідэй — нацыянальнага адраджэння і рэвалюцыйнага пераўтварэння свету. Пісьменнікі гуртаваліся на базе друкаваных выданняў — часопісаў. Кожная суполка мела на мэце паказаць сваё бачанне развіцця мастацкага метаду і яго рэалізацыю ў літаратуры.

Экспазіцыя “Залатая раніца беларускага адраджэння” раскрывае літаратурны працэс Беларусі ў 1920-я гг. праз дэманстрацыю матэрыялаў, звязаных з галоўнымі літаратурнымі згуртаваннямі таго часу — “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”, БелАПП. У фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца шмат матэрыялаў — фотаздымкаў, дакументаў, лістоў, рукапісаў, кніжных выданняў і графікі тых часоў, што складуць аснову экспазіцыі. Акрамя гэтага на экспазіцыі змешчаны рэдкія дакументы з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, кніжныя выданні бібліятэчкі часопіса “Маладняк” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(М. Багдановіча, 13)
Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47 ; (017) 334-56-21

28