Ракуцёўскае лета — 2022

#Ракуцёўшчына

#свята_паэзіі_і_песні

30 ліпеня 2022 года, па добрай традыцыі, у мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” прайшло свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета – 2022”. Арганізатарамі свята выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Маладзечанскі райвыканкам, Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Да ўдзелу ў святочных мерапрыемствах далучыліся шматлікія ўстановы культуры Маладзечанскага раёна.

Час ляцеў незаўважна, мясцовыя жыхары і госці з Маладзечна, Мінска пад час свята паспелі шмат. Па-першае, пазнаёміцца з экспазіцыяй музея “Фальварак Ракуцёўшчына” і паслухаць прачулую гісторыю пра летні адпачынак паэта ў 1911 годзе ад загадчыцы музея Любові Шчэрбач, прайсці сцяжынкамі Максіма аж да той самай “крыніцы жывой вады”.

Па-другое, для гасцей “Ракуцёўскага лета” была падрыхтавана культурная праграма, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і маладзечанскія артысты – музыкі, спевакі. Пад час канцэрта адбылося ўзнагароджанне юных творцаў, якія прэзентавалі свае мастацкія работы, прысвечаныя Максіму Багдановічу.

Супрацоўніцы дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча падрыхтавалі да свята адмысловую праграму. Удзельнікам неабходна было прайсці “самы сапраўдны марафон”, толькі літаратурна-забаўляльны, пад час якога працавалі ручкамі – стваралі ляльку-мотанку, ножкамі – як кніганошы неслі па зачарованым царстве “Вянок” паэта з Вільні ў Мінск. Частка марафона – інтэлектуальныя забавы – крыжаванка, чайнворд, філворд і бурыме. У фінале – каштоўныя прызы і падарункі (для ўсіх удзельнікаў).

Свята скончылася – але развітваемся з ім толькі на год... Спадзяемся на сустрэчу на “Ракуцёўскім леце” ў 2023 годзе, дарэчы, будем адзначаць юбілей – 40-годдзе з першага свята паэзіі і песні ў Ракуцёўшчыне!

747