«Падарунак ад дзядзюшкі Максіма»


Запрашаем на выставу

“Падарунак ад дзядзюшкі Максіма”

 

Сёлета спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння Наталіі Глебаўны Кунцэвіч, яна – стрыечная пляменніца Максіма Багдановіча і любіміца сям’і. Але не толькі гэта стала прычынай увагі супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча да яе асобы – Наталія Глебаўна шмат зрабіла для багдановічазнаўства. Даследчык Ніна Ватацы пазнаёмілася з Н. Кунцэвіч у канцы 1960-х гг., ліставалася, сустракалася і атрымала шмат каштоўных матэрыялаў з сямейнага архіва.

Большую частку гэтых матэрыялаў Ніна Барысаўна перадала ў новаствораны музей М.Багдановіча, а таксама падзялілася кантактамі. Дзякуючы Наталіі Глебаўне Кунцэвіч, фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча папоўніліся каштоўнымі музейнымі прадметамі – рукапісамі, фотаздымкамі паэта і яго родных, кнігамі з яго аўтографамі. Сярод унікальных прадметаў – мядзведзік Васенька, якога Максім падарыў маленькай двухгадовай пляменніцы. Цацка – сімвал цеплыні і любові – нагадвае пра няздзейсненую мару Максіма аб уласных дзетках.

Мядзведзік Васенька не пакідае асноўную экспазіцыю, але ў выставе “Падарунак ад дзядзюшкі Максіма” ён становіцца галоўным экспанатам, каб распавесці колькі цудоўных гісторый пра паэта і яго родных. Кампанію мядзведзю складаюць фотаздымкі, на якіх мы можам убачыць маленькіх дзетак – Вадзю Багдановіча, Верачку, Нюту Гапановічаў, імянінніцу Наташу Кунцэвіч і іншых. На выставе таксама прэзентуюцца каштоўныя музейныя прадметы, падараваныя музею Наталіяй Глебаўнай Кунцэвіч.

 

Выстава працуе па 28 жніўня 2022 года

Уваход – білет у музей

313