«Сямейны фэсцік» у Сёмкава

#дзень_маці #дзень_таты #сям’я #сям’я_Максіма #сям’я_Багдановічаў

15 кастрычніка 2022 года супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча прынялі ўдзел у «Сямейным фэсціку», арганізаваным сумесна з Сёмкаўскім філіялам Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў» і Сёмкаўскай сярэдняй школай.

Наша падарожжа пачалося з наведвання царквы Раства Багародзіцы ў Сёмкавым гарадку, дзе ў 1888 годзе пабраліся шлюбам Адам і Марыя Багдановічы. Экскурсавод і арганізатар фэсціку Таццяна Хамянкова правяла невялічкую экскурсію і распавяла пра гісторыю царквы.

Асноўныя імпрэзы сямейнага фестывалю праходзілі ў Сёмкаўскай школе. Дарослыя і дзеткі паглядзелі батлеечныя спектаклі, сваімі рукамі зрабілі ляльку-мотанку, пагулялі па зачарованым царстве ў гульні «Кніганоша», пазнаёміліся з радаводам Максіма Багдановіча і паспрабавалі намаляваць уласны радавод.

Завяршыўся гэты цудоўны дзень яшчэ адной экскурсіяй, з дапамогай Таццяны Хамянковай мы здзейснілі падарожжа ў ХVІІІ стагоддзе, прайшліся па палацы Адама Хмары, пагулялі па англійскім парку.

Супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча спадзяюцца, што правядзенне “Сямейнага фэсціку” ў Сёмкава стане традыцыяй, і да яго далучацца іншыя музеі. Тым больш, вядома, што з Сёмкавым звязаны лёсы ўсіх галоўных зорак беларускай літаратуры…

645