Прэзентацыя выставы Льва і Сяргея Гумілеўскіх

19 кастрычніка 2022 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла прэзентацыя выставы мастацкіх работ Льва і Сяргея Гумілеўскіх “А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю…”. Творчасць прадстаўнікоў знакамітай дынастыі Гумілеўскіх добра вядома ў нашай краіне, помнікі іх аўтарства, прысвечаныя знакамітым дзеячам беларускай гісторыі і культуры, можна ўбачыць у многіх гарадах Беларусі і замежжа.

На выставе прадстаўлены малыя скульптурныя формы, выкананыя ў розных тэхніках і матэрыялах. Можна заўважыць, што вобраз Максіма Багдановіча і яго паэтычныя шэдэўры знайшлі адлюстраванне ў творах Нацыянальнага мастака Беларусі Льва Мікалаевіча Гумілеўскага. Наўпрост звязана з паэтам і творчае жыццё Сяргея Львовіча Гумілеўскага, у экспазіцыі выставы можна ўбачыць яго студэнцкія працы, дыпломны праект, скульптуры і графічныя партрэты М.Багдановіча.

У адкрыцці выставы Льва і Сяргея Гумілеўскіх “А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю…” прымалі ўдзел кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь  Надзея Аўдзей, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, прыхільнікі творчасці.

Скульптар Сяргей Гумілеўскі пазнаёміў прысутных з канцэпцыяй выставы, распавёў, як ішла падрыхтоўка экспазіцыі, якім чынам адбіраліся творы. Вельмі кранальнымі сталі яго словы пра тое, што выстава “А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю…” прысвячаецца памяці яго таты, знакамітага скульптара Льва Гумілеўскага. А ўсе творы аб’яднаны адной тэмай – тэмай любові да Беларусі, да роднага краю, да гэтай зямлі, якая з’яўляецца невычарпальнай крыніцай натхнення…

 

Выстава працуе з 19 кастрычніка па 18 лістапада 2022 года,

Аўторак-нядзеля, з 10.00 да 18.30.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а, тэл.: (017) 355 22 95 maksimbagdanovich@gmail.com

695