Юбілей Алеся Бачылы

2 сакавіка 1918 года нарадзіўся Алесь Бачыла (Аляксандр Мікалаевіч), вядомы беларускі літаратар.

Не будзем падрабязна распісваць яго біяграфію, крыніц дастаткова, але адзначым ролю Алеся Бачылы ў багдановічазнаўстве. У свой час Аляксандр Мікалаевіч адшукаў шмат матэрыялаў і дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча.

Алесь Бачыла здзейсніў падарожжа Яраслаўль, дзе сустрэўся са зводным братам паэта Паўлам Багдановічам, які перадаў даследчыку шмат матэрыялаў і дакументаў з сямейнага архіва. Пазней гэтыя матэрыялы будуць перададзены на захаванне ў фонды Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, у фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Падтрымліваў стасункі Алесь Мікалаевіч са стрыечнай сястрой паэта Ганнай Валасовіч-Гразновай, з Людвікай Сівіцкай-Войцік (Зоськай Верас) з іншымі асобамі, што ведалі Максіма Багдановіча.

У творчым багажы Алеся Бачылы кніга “Дарогамі Максіма”, лібрэта оперы-паэмы “Зорка Венера”, сцэнар дакументальнага фільма “Цярновы вянок паэта”, шмат артыкулаў.

Фотаздымкі:

  1. Алесь Бачыла і Павел Багдановіч. Яраслаўль. 1968 год.
  2. Фрагмент выставы да 100-годдзя Алеся Бачылы. Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Мінск. 2018 год.
667