Падарунак з Яраслаўля

Няма нічога даражэйшага за сяброўства…

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча даўно ведаюць пра гэта і радуюцца, што за гады існавання ўстановы ў нас з’явілася шмат прыхільнікаў.

Нашыя блізкія і далёкія сябры прымаюць актыўны ўдзел у жыцці музея паэта, бываюць на экскурсіях і занятках, наведваюць імпрэзы і выставы. А яшчэ вельмі прыемна, што дзякуючы ім папаўняюцца нашы фонды, часам, падарункі вельмі каштоўныя.

На днях прыйшла пасылка з горада Яраслаўля, ад Марыны Данілавай, галоўнага бібліятэкара Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя Яраслава Мудрага Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Яраслаўля.

Марына Дзмітрыеўна перадала ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча экзэмпляр часопіса “Русский экскурсант” (№ 4, 1915 год).

Гэты часопіс выходзіў у Яраслаўлі ў 1914-1917 гг., з ім плённа супрацоўнічаў Максім Багдановіч. Так, у № 5-6, 1914 г., апублікавана рэцэнзія М.Багдановіча на даведнік “Крым”, у № 1, 1915 г. рэцэнзія на “Путеводитель по Галиции и ее курортам”. У яраслаўскай газеце “Голос” М.Багдановіч апублікаваў рэцэнзію на часопіс “Русский экскурсант” (№ 5, 1915 год).

На жаль, у дасланым нумары “Русского экскурсанта” няма твораў Максіма Багдановіча, але яго імя двойчы ўзгадваецца ў пераліку тых, хто прымае удзел у часопісе.

Шчырыя словы ўдзячнасці за падарунак і за сяброўства, для нас гэта вельмі важна…

443