Падарункі для фондаў музея

У 2021 годзе мы адзначылі 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. На працягу года супрацоўнікі музея правялі шмат імпрэз, арганізавалі шэраг выставачных праектаў да юбілею пісьменніка, выдалі “Каталог аўтографаў”, “Музейны сшытак 4” і кнігу, прысвечаную Максіму Адамавічу.

А яшчэ па прапанове Галіны Шаблінскай, загадчыка аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага канала беларускага радыё, распачалі радыёмарафон “Зорны шлях паэта”. Кожны другі чацвер месяца (цэлы год) мы сустракаліся ва ўтульнай студыі Беларускага радыё, каб распавесці пра нашы справы, важныя імпрэзы і мерапрыемствы, асветніцкую, навукова-даследчую ці экспазіцыйную дзейнасць.

Гэта быў цікавы вопыт для музейных супрацоўнікаў і даволі складаная задача – рыхтаваць займальную інфармацыю пра Максіма, яго бацькоў, родных і стрыечных братоў-сясцёр, знаёмых, дзяліцца знаходкамі і навінамі, запрашаць да удзелу і атрымліваць водгук.

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча выказваюць шчырыя словы ўдзячнасці Галіне Шаблінскай за магчымасць правесці юбілейны год разам з вялікай кампаніяй слухачоў радыё.

Таксама дзякуем ёй за перадачу ў фонды музея дыска з запісам усіх перадач цыклу “Зорны шлях паэта”… І абяцаем, што і надалей будзем актыўна працаваць у радыёэфіры, бо ў нас ёсць яшчэ шмат цікавага, чым мы гатовы дзяліцца з нашымі сябрамі, наведвальнікамі музея і слухачамі радыё.

630