Навукова-практычны семінар

Працягваецца святкаванне 160-годдзя з дня нараджэння Адама Ягоравіча Багдановіча, вядомага педагога, мемуарыста, этнографа, бацькі класіка беларускай літаратуры. 19 мая 2022 года на базе Мастацкай галерэі імя Б. У. Аракчэева, філіяла Крупскага краязнаўчага музея, адбыўся навукова-практычны семінар “Ля вытокаў беларусазнаўства”, прысвечаны юбілею Адама Багдановіча.

Арганізатары – аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Літаратурны музей Максіма Багдановіча, філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Удзел прымалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі школ Крупскага раёна, бібліятэкары, краязнаўцы, музейныя супрацоўнікі.

У цэнтры ўвагі навукоўцаў былі працы А. Я. Багдановіча, прысвечаныя розным пытанням беларускай этнаграфіі, этналогіі. Супрацоўнікі Літаратурнага музея М.Багдановіча пазнаёмілі ўдзельнікаў з багатай спадчынай Адама Ягоравіча, якая захоўваецца сёння у фондах, былі прэзентаваны вынікі пошукаў інфармацыі да радаводу М. Багдановіча па лініі бацькі і іншых продкаў паэта, якія жылі ў м. Халопенічы Барысаўскага павету (зараз Крупскі р-н).

Распачаўся навукова-практычны семінар “Ля вытокаў беларусазнаўства” з наведвання мястэчка Халопенічы, малой радзімы Адама Багдановіча. Удзельнікі ўсклалі кветкі да помніка беларускаму этнографу і мемуарысту, наведалі школьны музей, частка экспазіцыі якога прысвечана знакамітаму паэту і яго бацьку, пазнаёміліся з мясцовымі архітэктурнымі помнікамі.

726